МУЗЕЙНАЯ АРХІТЭКТУРА БЕЛАРУСІ: З МІНУЛАГА Ў БУДУЧЫНЮ

Праектаванне музейных будынкаў, беручы пад увагу месца музея ў сусветнай культуры, – вельмі складаны і адначасова адказны від архітэктурных работ. Удалы музейны праект з’яўляецца важным крокам на шляху прафесійнага і грамадскага прызнання архітэктара альбо архітэктурнага бюро. І наадварот, зробленыя архітэктарам памылкі прыводзяць да незваротных негатыўных наступстваў, што могуць значна знізіць камунікатыўныя якасці будучай музейнай экспазіцыі. І нават болей – абмежаваць доступ людзей да ўласнай прыроднай і культурнай спадчыны.

З’яўленне музейнай архітэктуры на беларускіх землях звязана з прыбыццём у Полацк езуітаў з Заходняй Еўропы і стварэннем у горадзе езуіцкага калегіума. Сярод тых, хто прыехаў у Полацк, былі вядомы італьянскі архітэктар К. Анджаліні, а таксама аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, архі­тэктар Г. Грубер. Менавіта ён стаў ініцыятарам сістэматызацыі прывезеных калекцый і пабудовы на іх аснове музейных экспазіцый. У 1788 г. па праекце Г. Грубера да галоўнага будынка калегіума быў прыбудаваны корпус, дзе размясціліся навуковыя кабінеты і музей для выкладчыкаў і студэнтаў. У адным з музейных залаў, прысвечаным гісторыі архітэктуры, знаходзіліся выкананыя з алебастру мадэлі розных архітэктурных элементаў, пачынаючы са старажытнагрэчаскіх ордэраў. Можна меркаваць, што ўзорам для стваральніка першага полацкага музея быў «Музеум Кірхерыянум» – барочная кунсткамера, заснаваная ў Рыме ў 1651 г. вядомым нямецкім вучоным-езуітам А. Кірхерам. На жаль, музейны корпус Полацкага калегіума, узведзены ў стылі барока з элементамі класіцызму, не захаваўся.

Праект музейнага (?) корпуса Полацкага езуіцкага калегіўма. Архіт. Г. Грубер. 1788 г.

Праект музейнага (?) корпуса Полацкага езуіцкага калегіўма. Архіт. Г. Грубер. 1788 г.

Скарбчык Э. Гутэн-Чапскага ў Станькава. 1880-я гг. Сучаснiкам быў добра вядомы ваенна-гiстарычны збор, створаны ў другой чвэрцi XIX ст. у маёнтку Дабраўляны Вiленскай губерні. Сканцэнтраваўшы ўвагу пераважна на зброі i вайсковым рыштунку, яго ўладальнiк А. Гюнтэр здолеў сабраць каштоўную калекцыю заходніх і мясцовых узораў XIII–XIX стст. У 1824–1830 гг. па праекце архітэктара Я. Барэцці Гюнтэр збудаваў новы палац у рамантычным стылі. Адначасова ішла рэканструкцыя старога рэгулярнага парка ў пейзажным стылі. У цэнтры яго знаходзілася каплiца з алтаром, унутры якога за шклом былi раскла­дзены «свяшчэнныя рэлiквii», што сведчылі аб былой вайсковай славе шляхецкіх родаў Вялікага княства Літоўскага. На сценах, па перыметры памяшкання, былi развешаны «стрэлы, сякеры, парахаўнiцы, чаканы, кірасы, шлемы, бердышы, алебарды… Акуратна згрупаваныя, яны ўяўлялі цiкавае i прыгожае вiдовiшча». Ікана­графічнага матэрыялу, які б дазволіў меркаваць пра архітэктурныя стыль і асаблівасці страчанай музейнай капліцы А. Гюнтэра, не выяўлена. Але скласці ўяўленне пра яе можа дапамагчы збудаваны ў гістарычнай стылістыцы «Гатычны дом» І. Чатрайскай у Пулавах, які быў узором для гаспадара дабраўлянскай сядзібы.

Асаблiвае месца сярод прыватных нумізматычных збораў Расійскай імперыі другой паловы ХІХ ст. займала калекцыя графа Э. Гутэн-Чапскага. Вынiкам яго шматгадовых намаганняў i грашовых затрат было стварэнне ў маёнтку Станькава Мінскай губерні першакласнага нумiзматычнага збору (больш за 10 тыс. адзінак), калекцый гравюр (каля 6 тыс. адзінак), карт, зброi, жывапiсу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кнiг i рукапiсаў. Усё гэта, старанна каталагiзаванае па раздзелах, захоўвалася ў спецыяльным двухпавярховым павільёне «Скарбчык», які сёння з’яўляецца яскравым помнікам эпохі рамантызму. Пабудаваны адпаведна архітэктурнай модзе таго часу ў выглядзе двухпавярховага мiнiяцюрнага сярэднявечнага замка, ён аб’ядноўваўся з жылым будынкам лёхай. Уваход у павільён, упры­гожаны круглымі вежамі, архітэктар выдзеліў парталам з гаўбцом над ім.

Праект Мастацкага музея ў Мінску. Архіт. І. Урублеўскі. 1919 г.

Праект Мастацкага музея ў Мінску. Архіт. І. Урублеўскі. 1919 г.

Важная прыватная ініцыятыва па стварэнні публічнага мастацкага музея ў Мінску прагучала ў 1919 г. Вядомы беларускі калекцыянер і грамад­скі дзеяч В. Ельскі планаваў пакласці ў аснову будучага музея ўласную калекцыю карцін, а таксама добраахвотныя ахвяраванні сяброў-калекцыянераў. Захаваўся архітэктурны малюнак Мастацкага музея ў Мінску, аўтарам якога з’яўляецца І. Урублеўскі. Па задуме В. Ельскага, двухпавярхвы будынак музея павінен быў паўстаць на кавалку зямлі («узгорку»), што належыў яму, побач з сучаснай плошчай Незалежнасці. Аднак далейшыя ваенныя і рэвалюцыйныя падзеі не дазволілі здзейсніць гэты архітэктурны, мастацкі і музейны праект.

На працягу 1920–1930-х гадоў ні ў БССР, ні ў Заходняй Беларусі не было ўзведзена аніводнага музейнага будынка. Але ўжо ў 1950-я гады савецкаму кіраўніцтву ў галіне культуры стала зразумела, што далейшае развіццё музейнай справы краіны выключна на базе прыстасаваных будынкаў, у тым ліку помнікаў архітэктуры, не ўяўляецца магчымым. У Мінску гэтае разуменне кіраўнікоў Міністэрства культуры супала з правядзеннем у горадзе маштабных архітэктурна-будаўнічых работ, а таксама настойлівасцю і воляй выдатнага прафесіянала – дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР А. Аладавай.

Праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы. Архіт. І. Валадзько. 1947 г.

Праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы. Архіт. І. Валадзько. 1947 г.

Канчаткова вырашыць пытанне пра ўзвядзенне для галерэі спецыяльнага будынка дапамагла Дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве. У 1954 г. у рэспубліцы ішла актыўная падрыхтоўка да яе, прычым многія падрыхтоўчыя мерапрыемствы праходзілі ў прыстасаваным памяшканні галерэі. Для ўдзелу ў адным з іх – папярэднім праглядзе твораў беларускага мастацтва – у Мінск прыехалі вядомыя савецкія мастакі А. Бубнаў, А. Грыцай, Д. Шмарынаў, скульптар М. Манізер, мастацтвазнаўца П. Сысоеў. Госці з Масквы наведалі ЦК КПБ, потым у галерэі адбыўся канчатковы адбор работ для выстаўкі. На прагля­дзе таксама прысутнічалі першы сакратар ЦК КПБ М. Патолічаў і старшыня Савета Міністраў БССР А. Кляшчоў. Падчас абмеркавання было закранута пытанне аб неабходнасці ўзвядзення належнага памяшкання для карціннай галерэі, і неўзабаве яно было ўнесена ў план капітальнага будаўніцтва Мінска. У канцы таго ж года архітэктар М. Бакланаў накрэсліў першыя абрысы будынка па вул. Леніна.

Праект Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Архіт. М. Бакланаў. 1949 г.

Праект Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Архіт. М. Бакланаў. 1949 г.

Якой была першапачатковая ідэя архі­тэктара, можна меркаваць па аква­рэльным эскізе 1949 г. М. Бакланаў вырашыў праект у традыцыях сталін­скага ампіру – «трыумфальнай» архі­тэктуры канца 1940-х – пачатку 1950-х гг. Двухпавярховы асабняк з шэрагам паўцыркульных вокнаў і порцікам з лёгкімі каланадамі меркавалася размясціць на ўзвышшы на рагу вуліц Леніна і Кірава фасадам на Ульянаўскую. Да яго праз тэрасы зялёных газонаў вяла шырокая лесвіца. Будучы музей, паводле задумы архітэктара, павінен быў мець урачысты, святочны выгляд.

Аднак пасля пастановы ЦК КПСС «Аб ліквідацыі празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве», прынятым у 1955 г., ад ідэі «палаца – храма мастацтваў» прыйшлося адмовіцца на карысць больш строгага і манументальнага рашэння. Месца будаўніцтва музея перанеслі на невялікі ўчастак на вул. Леніна з ужо сфармаванай забудовай. Першыя наведвальнікі, што прыйшлі ў 1957 г. у новы будынак галерэі, перайменаванай у Дзяржаўны музей БССР, убачылі масіўны фасад, упрыгожаны скульптурнымі рэльефамі і алегорыямі «Жывапісу» (аўтар П. Сіўцоў) і «Скульптуры» (аўтар С. Адашкевіч). Франтон вянчала скульптура А. Бембеля «Слава».

Праект Дзяржаўнага музея БССР. Архіт. Г. Бенедзіктаў, Г. Заборскі. 1958 г.

Праект Дзяржаўнага музея БССР. Архіт. Г. Бенедзіктаў, Г. Заборскі. 1958 г.

Каб ацаніць архітэктурную стылістыку Дзяржаўнага музея БССР, зразумець задуму М. Бакланава, неабходна здзейсніць невялікі экскурс у гісторыю еўрапейскай музейнай архі­тэктуры. Першымі будынкамі, якія ў ХVІІ–ХVІІІ стст. праектаваліся спецыяльна для размяшчэння калекцый, былі галоўным чынам палацавыя галерэі і кунсткамеры. У ХІХ ст. для публічных музеяў праектуюцца першыя музейныя будынкі, экспазіцыйныя залы ў якіх размяшчаліся анфіладай альбо вакол уну­транага дворыка. Іх фасадам надавалася параднае аблічча ў класіцыстычным стылі, які павінен быў выклікаць прамую асацыяцыю з протамузеямі – старажытнагрэчаскімі мусейонамі, альбо храмамі муз. Найбольш характэрны класіцыстычны будынак, спраектаваны нямецкім архітэктарам Ф. Шынкелем, атрымаў у 1830 г. Стары музей у Берліне. Ён даў прыклад некалькім наступным пакаленням архітэктараў (у тым ліку М. Бакланаву).

Класіцыстычны ўплыў, які адпавядаў эпосе сталінскага ампіру, зазналі таксама праекты будынка Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы, створаныя ў рамках конкурсу архітэктарамі І. Валадзько, А. Воінавым, І. Елісеевым у 1947 г. Узвядзенне яго было прадугледжана пастановай ЦК КП(б)Б і СНК БССР «Аб увекавечанні памяці народнага паэта Беларусі Я. Купалы», прынятай у 1945 г. Гарадскі савет выдзеліў для будоўлі месца па вул. Я. Купалы на былым папялішчы дома, у якім паэт жыў да вайны. Але будаўніцтва было распачата толькі ў 1957 г., неўзабаве пасля ўключэння музея ў Генеральны план будаўніцтва г. Мінска. «Дом песьняра», узведзены паводле новага праекта архітэктараў І. Валадзько і В. Волчака, абранага камісіяй на чале з Я. Коласам, быў адчынены для наведвальнікаў у 1959 г. Знешне ён мала чым адрозніваўся ад іншых адміністрацыйных будынкаў сталіцы таго часу.

Зусім іншае разуменне архітэктурнага аблічча музея прадэман­стравалі аўтары праекта будынка Музея прыроды, рэалізаванага ўжо ў наступным, 1960 г. у Дзяржаўнай запаведна-паляўнічай гаспадарцы «Бела­вежская пушча». У праекце была зроблена спроба арганічна звязаць аб’ёмна-планіровачныя рашэнні будынкаў музеяў са спецыфікай калекцый, кліматычнымі ўмовамі, а таксама навакольным ландшафтам. Неўзабаве музейныя будынкі, падобныя на белавежскі, з’явіліся ў іншых савецкіх прыродных запаведніках, напрыклад у Варонеж­скім. Адрозніваліся яны ад беларускага толькі аздабляльнымі матэрыяламі.

У 1960-я гады ў СССР пачаў развівацца новы стыль архітэктуры – простай, эканомнай, на падмурку новых будаўнічых тэхналогій і выказваючай магчымасці тагачаснай тэхнікі. Важным аб’ектам таго перыяду стаў будынак Бела­рускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1966 г., архіт. Г. Бенедзіктаў і Г. Заборскі). На працягу паўстагоддзя па функцыянальных якасцях будынак з’яўляўся лепшым у рэспубліцы. Спраектаваны і ўзведзены для галоўнага музея краіны – Дзяржаўнага музея БССР – і раптоўна змяніўшы гаспадара, гэты мінімалістычны праект змяшчаў шэраг наватарскіх для савецкай музейнай архі­тэктуры прыёмаў. У цэнтры памяшкання размясцілі дамінантную залу, якая аб’яднала паверхі экспазіцыі. Планіроўка давала магчымасць не толькі паслядоўнага азнаямлення з усёй экспазіцыяй, але і выбарачнага агляду асобных раздзелаў. Будынак меў адміністрацыйна-гаспадарчую зону, два падземныя паверхі пад фондасховішча, экспазіцыйныя залы, а таксама круглую ў плане прыбудову для дэманстрацыі панарамы (ад апошняй пазней давялося адмовіцца). Размешчаная на трох надземных паверхах стацыянарная экспазіцыя, паводле задумы архітэктараў, атрымлівала бакавое натуральнае асвятленне праз бакавыя шыбы.

У 1968 г. падчас святкавання 25-й гадавіны першага боя польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі пад пасёлкам Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобла­сці адкрыўся Музей савецка-польскай бая­вой садружнасці, спраектаваны маскоўскімі архітэктарамі Я. Белапольскім і У. Хавіным у выглядзе салдацкай каскі, якая ляжыць на полі. Каска-купал вышынёй 11 м і дыяметрам 34 м мае панарамнае шкленне цэнтральнага фасада. У арганічным адзінстве з будынкам знаходзіцца абеліск памяці загінуўшых – ён уяўляе дзве рукі, якія трымаюць адзін сцяг (скульптар Ул. Цыгаль). Музей у пасёлку Леніна – складаны комплекс, дзе акрамя экспазіцыйных залаў актыўным формаўтваральным фактарам з’яўляецца прыродны ландшафт.

Будынак Музея савецка-польскай баявой садружнасці ў пас. Леніна. Архіт. Я. Белапольскі, У. Хавін. 1968 г.

Будынак Музея савецка-польскай баявой садружнасці ў пас. Леніна. Архіт. Я. Белапольскі, У. Хавін. 1968 г.

Калі архітэктурная форма гэтага музея вобразна раскрывае яго асноўную ідэю і змест, то будынак Музея народнай славы імя У.Е. Лабанка ва Ушачах (1970 г.) мае нейтральны характар. Яго форма прадыктавана перш за ўсё патрэбамі аптымальнага функцыянавання музейнага арганізма, а менавіта захавання, інтэрпрэтацыі і папулярызацыі фондавага збору. Тым не менш фасад дэманструе эвалюцыю, пераадоленне сухасці, рацыяналізму, імкненне да арганічных формаў пры захаванні строгасці і мэтазгоднасці архітэктуры 1960-х гадоў.

На працягу 1970-х гг. побач з сярэдняй школай № 2 г. Клецка ішло ўзвя­дзенне будынка школьнага гісторыка-этнаграфічнага музея (адчынены 1 верасня 1979 г.). Паводле задумы стваральніка музея, настаўніка геаграфіі Д. Чорнага, ён з’яўляўся копіяй паляўнічага доміка з палацавага комплекса Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Можна меркаваць, што наяўнасць уласнага будынка, створанага дзякуючы энтузіязму настаўнікаў і вучняў, была важным довадам падчас рэарганізацыі ў 2005 г. школьнага музея ў дзяржаўную ўстанову культуры «Музей гісторыі Клеччыны».

18 студзеня 1972 г. Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне аб стварэнні археалагічнага музея «Бярэсце» і будаўніцтве для яго спецыяльнага павільёна (інстытут «Белдзяржпраект», архіт.: В. Крамарэнка, М. Вінаградаў, У. Шчарбіна). З’яўленню музея папярэднічала адкрыццё і шматгадовае археалагічнае вывучэнне гара­дзішча Бярэсце атрадам аддзела археа­логіі Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам П. Лысенкі. Палявыя сезоны 1971–1981 гг. суправа­джаліся нечаканымі адкрыццямі, рэдкімі знаходкамі і, самае галоўнае, выяўленнем выдатна захаваных драўляных збудаванняў і гарадской інфраструктуры. У 1970–1973 гг. для захавання рэшткаў старажытных пабудоў група супрацоўнікаў Беларускага тэхналагічнага інстытута пад кіраўніцтвам прафесара В. Віхрова распрацавала і ўпершыню ажыццявіла метад кансервацыі драўляных збудаванняў у палявых умовах. У 1974 г. архітэктары распрацавалі праект двухсхільнага павільёна плошчай 40 на 60 м з бетону, алюмінію і шкла са светлавым ліхтаром у цэнтры, які павінен быў накрыць закансерваваныя археалагічныя раскопы і арганічна ўпісацца ў мясцовы ландшафт. Недахоп сродкаў дазволіў рэалізаваць гэты праект толькі ў 1982 г.

Будынак археалагічнага музея «Бярэсце». Архіт. В. Крамарэнка, М. Вінаградаў, У. Шчарбіна. 1982 г.

Будынак археалагічнага музея «Бярэсце». Архіт. В. Крамарэнка, М. Вінаградаў, У. Шчарбіна. 1982 г.

Здзяйсненне цікавага праекта ў галіне музейнай архітэктуры было распачата ў 1987 г. у Кобрыне. Менавіта тады пачалося будаўніцтва новага корпуса для другой экспазіцыі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава плошчай 1760 м2, якое завяршылася ў 1990 г. (архіт.: А. Анішчанка, В. Тэртэль). Будынак нагадвае абрысамі сярэдневяковую крэпасць з высокай цэнтральнай вежай, земляным валам, магутнымі сценамі і баявымі галерэямі. Праз пяць гадоў там адбылося адкрыццё стацыя­нарнай экспазіцыі «Сем стагоддзяў Кобрына».

У 1990 г. уваходзіны ва ўласны будынак агульнай плошчай 756 м2 адсвяткаваў таксама калектыў краязнаўчага музея ў г. Касцюковічы Магілёўскай вобласці (архіт. Э. Гальдштэйн).

Такім чынам, у 1957–1990 гг. у БССР было пабудавана дзесяць будынкаў розных памераў, рознай стылістыкі для музейных устаноў розных профіляў – краязнаўчага, мастацкага, літаратурнага, прыродазнаўчага, археалагічнага, ваенна-гістарычнага, прычым колькасная перавага аддавалася апошняму. Гэтая тэндэнцыя яскрава прасочваецца, калі ўзяць пад увагу непасрэдна звязаныя з музеямі мемарыяльныя комплексы – Хатынь, Брэсцкую крэпасць, Курган Славы і інш.

Складанае сацыяльна-эканамічнае становішча, у якім знаходзілася краіна на працягу 1990-х гг., не дазваляла ўсур’ёз весці размову пра буйныя архітэктурна-музейныя праекты. У 1994 г. у невялікі будынак, які знешне не вельмі адрозніваўся ад навакольных прыватных забудоў, пераехаў Любанскі музей народнай славы. У наступным годзе збудаванне, спраектаванае спецыяльна для музея (архіт. П. Каваленка), з’явілася ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці ў выніку надзвычайнай сітуацыі, а менавіта знішчэння пажарам мясцовага Музея народнай славы. Гэтымі рэгіянальнымі праектамі абмяжоўваецца дзейнасць беларускай дзяржавы па забеспячэнні музеяў уласнымі дамамі напрыканцы ХХ ст.

Змяненне ў 2000-я гады эканамічнай сітуацыі да лепшага зноў паставіла пытанне пра новыя музейныя будынкі. Музейнае праектаванне ў гэты час, у адрозненне ад савецкага перыяду, здзяйснялася ўжо ў іншых тэхналагічных умовах і інтэлектуальнай атмасферы. Адбывалася паступовая інтэграцыя прадстаўнікоў творчых прафесій, у тым ліку архітэктараў, у су­светны культурны працэс. Калі эксперыменты з «арганічнай архітэктурай» Ф. Райта, якія скончыліся з’яўленнем у 1959 г. будынка Музея сучаснага мастацтва С. Гугенхайма ў Нью-Ёрку, па зразумелых прычынах амаль ніяк не паўплывалі на знешні выгляд беларускіх музеяў, то наватарскія праекты музейных будынкаў Ф. Гэры, С. Калатрава, З. Ха­дзід, здзейсненыя на мяжы ХХ і ХХІ стст., не засталіся незаўважанымі беларускімі архітэктарамі. Яны значна паўплывалі на разуменне паняцця «музейная архітэктура» ў сучаснай Беларусі, што відавочна выявілася ў апошніх беларускіх праектах музейных будынкаў.

Да 1000-годдзя Тураўскай епархіі і 1025-годдзя старажытнага Турава было прымеркавана адкрыццё для публічнага агляду рэшткаў храма ХІІ ст., падрыхтаваных да музеефікацыі падчас раскопак пад кіраўніцтвам П. Лысенкі. Музейны павільён, основу якога ўтвараюць магутныя жалезныя кан­струкцыі і вітражы, узнаўляючы абрысы колішняга храма, быў распрацаваны ў 2005 г. спецыялістамі мазырскай арганізацыі «Палессепраект». На жаль, праекціроўшчыкі не прадугледзелі выкарыстанне ў павільёне сістэмы кантролю тэмпературы і вільгаці, што негатыўна адбіваецца на стане фундаментаў, рэшткаў сцен і саркафагаў.

Як вядома, існуюць чатыры асноўныя варыянты рэканструкцыі музейных будынкаў з мэтай пашырэння іх плошчы: 1) дабудова антрэсольных паверхаў і прыстасаванне гарышча; 2) будаўніцтва дадатковых падземных памяшканняў; 3) забудова ўнутраных двароў; 4) прыбудова новых корпусаў. Усе гэтыя прыёмы актыўна выкарыстоўваюцца аўтарамі праекта рэканструкцыі будынка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у выніку якой да 2020 г. павінен паўстаць новы музейны комплекс (музейны квартал).

Працы па праектаванні і ўзвядзенні новага корпуса плошчай 8902 м2, прылеглага да старога будынка музея, пачаліся напрыканцы 1980-х гг. перш за ўсё з мэтай павелічэння яго экспазіцыйнай прасторы. Ператварыўшыся ў даўгабуд на працягу 1990-х гадоў, праект быў рэалізаваны пад кіраўніцтвам архітэктара А. Ярмоліна (інстытут «Белдзяржпраект») толькі ў 2006 г. У новым корпусе музея ён рэалізаваў вобраз горада пад дахам, што тлумачыць з’яўленне ў інтэр’ерах шматлікіх фасадных элементаў – калон, арак, уваходных груп. Архітэктар імкнуўся аб’яднаць велічны вобраз мінулых эпох і сучасны дынамічны лад жыцця, дзеля чаго спалучыў у інтэр’еры класічныя элементы з сучаснымі аздабляльнымі матэрыяламі. Экспазіцыйная прастора будынка падзяляецца з дапамогай крыніц святла. Атрыум асвятляецца актыўным патокам натуральнага святла, які ідзе праз верхні шкляны ліхтар, у той час як выставачныя залы – мяккім штучным святлом праз матавую падвясную столь.

Са з’яўленнем новай прыбудовы змянілася канцэпцыя экспазіцыі музея. На першым паверсе галоўнага корпуса выстаўляюцца палотны беларускіх мастакоў ХІХ ст., а ў новым наведвальнікі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з сучасным беларускім мастацтвам. Акрамя экспазіцыйных залаў у прыбудове маюцца памяшканні для захавання твораў мастацтва, рэстаўрацыйныя май­стэрні, тэхнічныя службы, у т.л. сістэма цэнтралізаванага выдалення пылу.

Адкрыццё ў 2006 г. новага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея завяршыла першы этап яго рэканструкцыі. Згодна з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай па аб’ектах культуры і мастацтва, пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара праекта А. Валадарскага цяпер ідзе рэканструкцыя будынка па вул. Леніна, 20. У пер­спектыве акрамя новых экспазіцыйных і службовых памяшканняў з’явіцца галерэя, якая аб’яднае некалькі корпусаў музея, лекцыйная і мультымедыйная залы, унутраны дворык з паркам скульп­туры, летняя кавярня, гатэль, паркінг.

Важнай падзеяй у музейным жыцці Беларусі стала адкрыццё ў жніўні 2012 г. Музея прыроды ў нацыянальным парку «Прыпяцкі». Яго першых наведвальнікаў здзівіла архітэктура новага двухпавярховага музейнага будынка, якая ўяўляе некалькі аб’яднаных усечаных цыліндраў. Паводле задумы аўтараў праекта – архітэктараў А. Стаянавай і С. Маісеенкі (інстытут «Гомель­праект»), форма будынка ўвасабляе зрэзы дрэў, што ў найбольшай ступені адпавядае зместу экспазіцыі, прысвечанай прыродным комплексам Палесся. У васьмі залах музея акрамя прыроды рэгіёна вядзецца таксама аповяд пра гісторыю Палесся, яго водныя артэрыі, геалагічныя асаблівасці.

Будынак Музея прыроды ў нацыянальным парку «Прыпяцкі». Архіт. А. Стаянава, С. Маісеенка. 2012 г.

Будынак Музея прыроды ў нацыянальным парку «Прыпяцкі». Архіт. А. Стаянава, С. Маісеенка. 2012 г.

У 2008 г. навукова-метадычная рада ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ўхваліла рашэнне, згодна з якім будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў выключаны з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей «у сувязі са стратай музейных функцый і адсутнасцю ў яго архітэктуры выдатных мастацкіх вартасцяў». У гэты час у творчай майстэрні В. Крамарэнкі ўжо распачаліся працы па праектаванні новага будынка музея на ўзвышшы ля абеліска «Мінск – горад-герой», які павінен быў стаць арганічнай часткай музейна-паркавага комплексу «Перамога». 4200 м2 з агульнай плошчы ў 15 600 м2 адведзены пад стацыя­нарную экспазіцыю. Памяшканне пад фонда­сховішча праектам не прадугле­джвалася.

У вобразных і аб’ёмна-планіровачных адносінах экспазіцыйная прастора музея складаецца з чатырох блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны і чатыры франты – удзельнікаў аперацыі «Баграціён». Аб’ядноўваюцца блокі скразной экспазіцыйнай тэмай «Шляхі вайны», якую распрацавала творчая група мастакоў і скульптараў пад кіраўніцтвам заслужанага архітэктара Л. Левіна.

Дамінантай будынка музея з’яўляецца цэнтральны фасад, вырашаны ў выглядзе салюта Перамогі, стальныя прамяні якога сімвалізуюць дзесяць знакавых падзей вайны – ад абароны Брэсцкай крэпасці да штурма Берліна. Плошчу Герояў перад музеем упрыгожвае фантан з 170 бруй – яны прысвечаны населеным пунктам Беларусі, вызваленым савецкімі вайскамі. З найбольш урачыстай залы Перамогі, выкананай у выглядзе шклянога купала Рэйхстага са сцягам Перамогі над ім, адкрываецца ўражлівая панарама горада. Аўтар праекта выкарыстаў разнастайныя прасторавыя эфекты, якія, на яго думку, павінны актывіза­ваць успрыняцце экспазіцыі – зрушэнне паверхаў, кантрастнае спалучэнне розных па канфігурацыі, вышыні і асветленасці прастораў. Важную ролю ў візуальна-прасторавай арганізацыі экспазіцыйных залаў адыгрыва­юць камбінаваныя сістэмы натуральнага і штучнага асвятлення.

Доўгі час музеі лічыліся месцам, дзе пануе атмасфера значнасці і ўрачыстасці, што адбівалася на іх архітэктуры ў выглядзе парадных лесвіц, калон, пышных інтэр’ераў. У апошні час адбыліся змены ў сацыяльнай ролі музеяў, узмацнілася цікавасць да іх з боку грамадства. Уяўленне пра музеі як пра храмы муз сёння карэнным чынам перагледжваецца. Гэтыя ў мінулым павольныя, кансерватыўныя ўстановы ўцягваюцца ў сучасныя працэсы глабалізацыі. Са сховішчаў твораў мастацтва і гістарычных рэліквій яны ператвараюцца ў грамадскія цэнтры нефармальнай адукацыі і рэкрэацыі для розных катэгорый наведвальнікаў.

Гэтыя тэндэнцыі абумовілі пошук новых падыходаў да вырашэння архітэктурных пытанняў падчас праектавання музеяў, якія заўсёды займалі асобае месца ў фармаванні аблічча гарадоў. Праекты Ю. Пэя (піраміда Луўра), Д. Лібескінда (Яўрэйскі музей у Берліне), Ё. Танігуці (Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку) і многіх іншых архітэктараў прадэманстравалі нечуваныя раней архі­тэктурныя і экспазіцыйныя магчымасці, што дазволіла казаць пра заканчэнне эпохі традыцыйнай музеефікацыі. Пасля іх рэалізацыі стала зразумела, што многіх наведвальнікаў у гэтыя музеі прыцягвае не толькі экспазіцыя, але ўнікальныя збудаванні, удала ўпісаныя ў навакольны ландшафт. Так нарадзілася новая канцэпцыя музея, арганічнымі часткамі якой з’яўляюцца незвычайны будынак, што стварае аптымальныя ўмовы фізічнага захавання калекцый і прыцягвае ўвагу публікі; адмыслова арганізаваная ўнутраная прастора, якая дазваляе раскрыць тэму музея і ўлічвае патрабаванні як музейнага персаналу, так і розных катэгорый наведвальнікаў; залы для часовых выстаў, лекцый і інтэрактыўнай дзейнасці. У новую канцэпцыю музея арганічна ўвайшлі апошнія дасягненні ў галіне інфармацыйных тэхналогій, якія дапаўняюць экспазіцыю неабходнай інфармацыяй.

З’яўленне новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адзначыла сыход у нябыт класічнага вобраза музея з «антычнымі» каланадамі і анфіладамі залаў у нашай краіне. У бліжэйшы час варта чакаць новых праектаў (перш за ўсё будынка Нацыянальнага гістарычнага музея), адпаведна якім музеі больш не будуць пасіўнай часткай гарадскога ландшафту. Дзя­куючы незвычайнаму экстэр’еру яны будуць актыўна ўздзейнічаць на сацыяльнае асяроддзе, у тым ліку з дапамогай сучасных архітэктурных элементаў і будаўнічых матэрыялаў. У новых музейных праектах асобую ролю будуць адыгрываць рашэнні ўнутранай прасторы. Дзякуючы гэтым рашэнням на змену дакладнай логіцы пабудовы экспазіцыйных залаў, якая вызначае паводзіны наведвальніка ў экспазіцыі (і адначасова стварае бар’ер паміж чалавекам і помнікам), прыйдзе прасторавая разнастайнасць памяшканняў. Адсутнаць перагародак і празрыстая падлога, «разумнае» святло і каляровая разнастайнасць, мультымедыйныя экраны і інсталяцыі павінны здзіўляць і прыцягваць новых наведвальнікаў, узнімаць прэстыж музеяў, а значыць, дапамагаць ім выжываць у жорсткай канкурэнтнай барацьбе з іншымі сродкамі масавай камунікацыі.

Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Архіт. В. Крамарэнка. 2014 г.

Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Архіт. В. Крамарэнка. 2014 г.

Zircon - This is a contributing Drupal Theme
Design by WeebPal.